Рыгор Грык: У любое надвор’е стаю з бел-чырвона-белым сцягам



Да мясцовых выбараў засталося 11 дзён. Але перадвыбарчых змаганняў па-ранейшаму не назіраецца. Замест  перадвыбарчага спаборніцтва – цішыня. Парушаюць гэтую цішыню толькі нешматлікія пікеты пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

Лідарам у перадвыбарчых пікетаваннях з’яўляецца баранавіцкі кандыдат у дэпутаты гарадскога савета, сябра незалежнага прафсаюза  РЭП Рыгор Грык.

„Хаця надвор’е даволі неспрыяльнае для пікетаў,”- гаворыць Рыгор Грык.

– Выбараў няма, не было і не будзе, пакуль не зменіцца гэтая сістэма, якая супраць людзей. Ведаю, што ўжо ёсць спіс, хто будзе дэпутатам, ведаю, хто будзе кіраўніком нашых дэпутатаў у горадзе. Я мёрзну, марную сваё здароў, мне пагражаюць… Аднак я ўсё роўна стаю з бел-чырвона-белым сцягам. Я паказаю, што ёсць людзі, якія хочуць змяніць штосьці ў краіне да лепшага.

Паводле Рыгора Грыка, яго перадвыбарчыя магчымасці даволі абмежаваныя з-за адсутнасці сродкаў. Таму пікетаванне – адзіны магчымы шлях дэманстрацыі грамадству аб тым, што ёсць нязгодныя з рэжымам людзі, якім патрэбна нарэшце пачаць давяраць, каб жыццё пачало мяняцца да лепшага.

9 лютага Грык плануе правесці сустрэчу з  выбаршчыкамі ў сярэдняй школе №15.

Беларускае Радыё Рацыя