Рыгор Грык зноў падаў касацыйную скаргу ў Берасцейскі абласны суд



Баранавіцкі грамадскі актывіст Рыгор Грык у чарговы раз падаў касацыйную скаргу ў Берасцейскі абласны суд. Гэтым разам пасля паўторнага разгляду ягонай адміністрацыйнай справы за ўдзел ў выбарчым пікеце кандыдата ў дэпутаты Парламента Рэспублікі Беларусь Мікалая Чарнавуса ў Баранавіцкім судзе іншым суддзёй. У першым працэсе суддзя Аксана Копач пакарала Грыка завочна за той пікет штрафам у 50 базавых велічынь. Абласны суд адмяніў гэтае рашэнне і накіраваў справу на паўторны разгляд. Суддзя Аксана Літвінчык не ўбачыла падставаў мяняць рашэнне.

Рыгор Грык лічыць прававым бязмежжам пакаранне яго за ўдзел у выбарчым пікеце:

— Усе плакаты і лозунгі, якія ў мяне былі, былі ўзгоднены з кандыдатам і адпавядалі выбарчай праграме партыі БНФ і кандыдата, які ішоў па Баранавічах. Таму я лічу пакаранне мяне вялікім штрафам абсалютна незаконным. Гарвыканкам, напэўна, прымусіў міліцыянтаў адправіць справу ў суд, а на судзе прымусіў суддзю мяне засудзіць. За маю канцлагерную робу.

Ужо не першы раз Рыгора  Грыка караюць за пікеты, на якія ён выходзіць у касцюме, стылізаваным пад канцлагерную робу – як сімвал несвабоды ў Беларусі. Што  моцна раздражняе  ўлады.

Беларускае Радыё Рацыя