Рыгор Кастусёў: Падрыхтоўка да святкавання 100-годдзя БНР ідзе па плану



У Менску адбылося чарговае пасяджэнне аргкамітэта па адзначэнню 100-годдзя абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Па словах сустаршыні аргкамітэта, кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, былі падведзены папярэднія вынікі працы, прыняты некаторыя рашэнні і планы далейшай дзейнасці. Вырашана распрацаваць календарны план мерапрыемстваў і вывесіць яго ў офісах партый і грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі якіх уваходзяць у аргкамітэт.

Па словах Рыгора Кастусёва, у бліжэйшы час адбудзецца шэраг падрыхтоўчых мерапрыемстваў.

– Ужо пачалі рабіць “Сэлфі незалежнасці”. Прынята рашэнне па правядзенні галасавання па гістарычных дзеячах БНР у сацыяльных сетках праз інтэрнэт. Зацверджаны лагатып. Зацверджана рашэнне па фармаванні дружыны на правядзенне мерапрыемстваў 25 сакавіка. Я даклаў аб перамовах з Радай БНР. Вялася размова з Навумчыкам. Мы выяснялі сітуацыю, ці ёсць такое рашэнне кагосьці з прадстаўнікоў Рады БНР па прыездзе сюды ў Беларусь. Такога рашэння ў Рады БНР няма. Але Рада БНР пацвердзіла, што ў іх ёсць план сваіх дзеянняў.

Таксама аргкамітэт вырашыў, каб некаторыя яго сябры запісаліся на прыём да кіраўніцтва Менгарвыканкаму. Гэта запланавана на 7 лютага. На наступны дзень павінна адбыцца  прэсавая канферэнцыя, на якой будуць агучаны вынікі перамоваў з уладамі, ці канстатавана іх адсутнасць, – сказаў Рыгор Кастусёў.  

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя