Рыхтуюцца новыя пікеты ў падтрымку зняволеных патрыётаў



Рух «За Свабоду» заклікае падаваць заяўкі на пікеты ў падтрымку арыштаваных па справе «Белага легіёна». Пікеты ў падтрымку беларускіх патрыётаў, якія цяпер знаходзяцца ў СІЗА №1 і ў ізалятары КДБ, мяркуецца праводзіць каля плошчы Бангалор. За апошнія дні ў Менгарвыканкам пададзена дзве заяўкі. Прычым паўторна, як кажа сябра рады Руху „За Свабоду” Вольга Быкоўская.

Гэта другая хваля. На першую хвалю атрымалі адмову: Менгарвыканкам выкарыстаў фармальную падставу, нібыта яны не могуць вызначыць месца па нашай заяўцы. Таму зараз запускаем другую хвалю. Спадзяемся, што гэта прыцягне ўвагу грамадскасці да гэтага пытання. Ведаю, што пачалі вызваляць затрыманых па гэтай справе. Маю надзею, што гэтая тэндэнцыя працягнецца. Калі па-добраму, то дзяржаве ўвогуле трэба кампенсацыю выплочваць за такія неабгрунтаваныя затрыманні і працяглыя арышты. Але баюся, што ў нашай сітуацыі гэтага не будзе.

Быкоўская ўпэўненая, што чым больш людзей прыме ўдзел у «каруселі пікетаў», тым большы рэзананс атрымае кампанія. Актывісты Руху заклікаюць усіх, каму неабыякавы лёс фігурантаў справы «Белага легіёна», далучацца да ініцыятывы і падаваць заяўкі. Да гэтага часу за кратамі следчых ізалятараў па гэтай справе знаходзіцца 14 чалавек.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя