Сабака-павадыр – нязбыўная мара для многіх беларускіх невідушчых
Сабака-павадыр для невідушчых – неажыццявімая мара для многіх беларускіх інвалідаў па зроку. Кошт такой жывёлы – каля 20 тысячаў даляраў. Як гаворыць невідушчы жыхар Гомеля Уладзімір Чаравухін, трэба прадаць кватэру, каб набыць сабаку-павадыра. Таму для перамяшчэння па горадзе даводзіцца разлівачваць на свае сілы.
– Альбо сам, альбо пры дапамозе знаёмых куды трэба дабіраюся. Мы ўздоўж бардзюраў самі арыентуемся. Самае дрэннае – гэта ямы. Меншае – вынасныя рэкламныя шчыты, якія ставяць на тратуарах, дзе мы ходзім. Калі мы рухаемся ўздоўж сцяны, то міні-клумбачкі, якія выстаўляюць, пад самае калена трапляюць.
У Беларусі няма ніводнага кіналагічнага цэнтра, дзе б рыхтавалі сабак-павадыроў для невідушчых. Паводле афіцыйных дадзеных, у нашай краіне налічваецца каля 20 тысячаў сляпых.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота pikabu.ru
