Сайдзік: Бакі канфлікту на Данбасе гатовыя правесці абмен палоннымі



Бакі канфлікту на Данбасе гатовыя правесці абмен палоннымі да канца 2017 года, паведаміў журналістам спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік 29 лістапада ў Менску паводле вынікаў сустрэчы трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны.

Паводле слоў Сайдзіка, сёння падгрупа трохбаковай кантактнай групы па гуманітарных пытаннях сканцэнтравалася на пытанні падрыхтоўкі бакоў да абмену асобамі, якія ўтрымліваюцца, для правядзення яго сёлета.

„Трохбаковая кантактная група пры ўдзеле прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей пацвердзіла гатоўнасць бакоў правесці абмен асобамі, якія ўтрымліваюцца, на падставе ўжо зацверджаных спісаў і ўзгадніць у самыя кароткія тэрміны працэдуру і дату абмену, зыходзячы з імкнення зрабіць гэты абмен да навагодніх і калядных святаў”, — заявіў прадстаўнік АБСЕ.

Пры гэтым дыпламат адмовіўся называць магчымую колькасць удзельнікаў абмену з абодвух бакоў. На пытанне БелаПАН, ці ішла на пасяджэнні гаворка пра абмен у фармаце „ўсіх на ўсіх”, Сайдзік заўважыў: „Я не казаў „усіх на ўсіх”.

belapan.by