Сайт „Лідскага піва” запрацаваў па-беларуску



Асноўны акцэнт на сайце зроблены на магчымасці «павандраваць ў часе», разглядаючы віды Ліды XIX-XXI стагоддзяў. Галоўная старонка сайта ўяўляе сабой Таймлайн, асновай для якога сталі эксклюзіўныя ілюстрацыі мастака і графічнага дызайнера Лёшы Лімонава. Матывы для сюжэтаў з’явіліся дзякуючы багатай гісторыі рэгіёну і самога «Лідскага піва». Крыніцай фактаў стала кніга лідскага гісторыка Валерыя Сліўкіна.

timeline-1

«Папярэдняя версія сайта адкрылася ў 2011 годзе, за гэты час яна састарэла і перастала спраўляцца з усімі ўскладзенымі на яе задачамі. Сёння сайт не толькі абнавіўся вонкава, але і перайшоў на дамен lidskae.by і адразу зарабіў у беларускамоўнай версіі. Гэтыя змены не выпадковыя і вельмі важныя для нас. Даменнае імя і сайт на «мове» падкрэсліваюць беларускія карані кампаніі і адсылаюць да флагманскага піўнога брэнду «ЛІДСКАЕ».

lida

Частка прадуктаў ААТ «Лідскае піва» – піва «ЛІДСКАЕ» і крафтавая «Калекцыя Майстра» – ужо «камуніцыруюць» са спажыўцамі па-беларуску. Новы сайт будзе развіваць нашу карпаратыўную сацыяльную місію па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы ў кампаніі і за яе межамі. Усяго ў сайта будзе 3 моўныя версіі: руская і ангельская запрацуюць у лютым. Карыстальнікі змогуць чытаць сайт на той мове, на якой яны лепш успрымаюць інфармацыю », – адзначыла Ірына Капілава, дырэктарка па маркетынгу ААТ« Лідскае піва ».

Паводле s13.ru