«Сакавіта» ад гарадзенскай журналісткі
Праект па захаванні гісторыі сваёй сям’і «Сакавіта» стварыла гарадзенская журналістка Інга Сакута. На адмысловай інтэрнэт-старонцы дзяўчына пакрокава распавядае, як ствараць сямейны архіў і прывесці ў парадак фота і відэафайлы.
Па словах Інгі Сакуты гэты праект ў першую чаргу накіраваны на дзяўчат:
— Мы жанчыны —захавальніцы сямейнага ачага і менавіта дзякуючы нам транслюецца і захоўваецца сямейная памяць і сямейныя традыцыі. Сутнасць праекта ў тым, што я прапаную ствараць з сямейнага архіву кліентаў, якія да мяне звернуцца, маляўнічыя прыгожыя ролікі з відэа і фота файламі, а таксама, з задавальненнем хацела б яшчэ і навучыць.
На старонцы праекта як прыклад выкладзены ролік, які Інга зрабіла пра сваю сям’ю. «Сакавіта» – гэта вынік навучання журналісткі Інгі Сакуты ў флайшколе для жанчын украінскага трэнера Святланы Ганчаровай.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня