Салдату, што вясной уцёк з палігона, прысудзілі сем гадоў калоніі
Суд Глыбоцкага раёна разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да 19-гадовага салдата Аляксандра Караткевіча, які ў красавіку збег з палігона і хаваўся ад міліцыі. Малады чалавек сваю віну прызнаў часткова, – паведамляе БелТА.
Хлопца абвінавачвалі па артыкуле “самавольнае пакіданне месца службы, угон, крадзеж агнястрэльнай зброі, падробка або наўмыснае знішчэнне маркіроўкі агнястрэльнай зброі і супраціў службовай асобе”. Яму пагражала да 10 гадоў зняволення. Інцыдэнт здарыўся 2 красавіка. Аляксандр уцёк з палігона ў Берасцейскай вобласці. Хлопец з’ехаў на грузавіку, з сабою ў яго была зброя. Аўтамабіль знайшлі на ўзбочыне ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці, а салдата знайшлі праз два дні ў адной з вёсак таго ж раёна. Пра гэта міліцыі паведамілі мясцовыя жыхары.
