Салідарнасць мацней за рэпрэсіі



Пяты год запар у Беларусі адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі. Дзень салідарнасці  ўзнік 4 жніўня 2012 года як адказ на арышт Алеся Бяляцкага – кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

“Міжнародная салідарнасць – гэта вялікая сіла, якая шмат станоўчага зрабіла ў Беларусі для апанентаў рэжыму, а найперш – зменшыла іх тэрміны падчас турэмнага зняволення, кажа сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі з Бярозы:

– У розных краінах  выказваюць салідарнасць з палітвязнямі ў Беларусі. Значная частка з іх была вызваленая і перад прэзідэнцкімі выбарамі. І зараз перад самітам АБСЕ ў Менску ўлады выпусцілі затрыманых патрыётаў па справе “Белага легіёну”. Улады так ці іначай мусяць рэагаваць на тое, што салідарнасць свету з Беларуссю ёсць.

Паводле Сяржука Русецкага, дзякуючы міжнароднай салідарнасці Алесь Бяляцкі выйшаў на волю на год раней. І зараз пры нападзе на прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці ўладам трэба памятаць, што сувязь з міжнароднымі структурамі ў прафсаюза ёсць.

Беларускае Радыё Рацыя