Салігорская фінансавая міліцыя выявіла групу зламыснікаў
Аператыўнікі салігорскай фінансавай міліцыі ўстанавілі групу зламыснікаў і выявілі механізм стварэння імі фірмаў-фантомаў, паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржкантролю.
Шкода ад іх дзейнасці ў выглядзе нявыплачаных ў бюджэт падаткаў перавысіла 270 тыс. рублёў.
Для ўтойвання злачыннай дзейнасці зламыснікі вербавалі ў асацыяльным асяроддзі кандыдатаў на ролю гаспадароў і кіраўнікоў віртуальных кампаній. Падстаўным асобам выплачвалася ўзнагароджанне ад 100 да 300 даляраў. „Арганізатары бралі на сябе ўсе фармальнасці, суправаджалі сваіх падапечных у выканкамы, падатковыя інспекцыі і банкаўскія ўстановы. Напярэдадні такіх візітаў ім нават стараліся надаць больш-менш прыстойны выгляд, каб пазбегнуць слушнага здзіўлення з нагоды непрэзентабельнай знешнасці новаспечаных бізнесменаў”, — распавялі ў прэс-службе.
Пасля стварэння лжэструктур зламыснікі атрымлівалі поўны кантроль над бухгалтарскай дакументацыяй, пячаткамі і банкаўскімі рахункамі. Яны мелі магчымасць афармляць фіктыўныя бухгалтарскія дакументы і распараджацца грашыма, што паступаюць на рахункі ілжэфірмы, адзначылі ў КДК.
Для прыцягнення кліентаў з рэальнага сектара эканомікі зламыснікі рэкламавалі ў пэўных колах свае паслугі па спрыянні ў пазбяганні выплаты падаткаў. „Пры гэтым асаблівы акцэнт рабілі на сваім ноў-хаў, якое быццам бы дазваляла кліентам гарантавана заставацца па-за полем зроку фінансавай міліцыі”, — паведамляе прэс-служба.
Пасля афармлення фіктыўных дакументаў аб нібыта здзейсненай здзелцы на разліковыя рахункі падкантрольных фірмаў-фантомаў паступалі грашовыя сродкі, пасля іх, як правіла, пераводзілі ў наяўныя і вярталі кліенту за мінусам аплаты сваіх паслуг (3-5% у залежнасці ад сумы). Правядзенне падложных дакументаў па бухгалтэрыі рэальных фірмаў давала магчымасць кліентам завышаць затраты і тым самым памяншаць падаткаабкладаную базу, што прыводзіла да ўхілення ад выплаты падаткаў у бюджэт.
Фінансавая міліцыя падчас праверак канфіскавала бухгалтарскую дакументацыю, пячаці, камп’ютарную тэхніку, пластыкавыя банкаўскія карты.
Упраўленнем Следчага камітэта па Менскай вобласці ў дачыненні да групы асоб распачатыя крымінальныя справы па ч. 2 арт. 234 Крымінальнага кодэкса (ілжэпрадпрымальніцтва), пакаранне па якіх прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
