Савет Рэспублікі ўхваліў законапраект аб амністыі



Савет Рэспублiкi 28 чэрвеня ўхваліў законапраект аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За прагаласавалі 49 членаў верхняй палаты.

Законапраект у двух чытаннях прыняла Палата прадстаўнікоў.

Прадстаўляючы дакумент у Савеце Рэспублікі, міністр унутраных спраў Юрый Караеў адзначыў, што тэрмін выканання закона аб амністыі працягнуты з шасці да дзевяці месяцаў. Законапраект, у прыватнасці, прапаноўвае скараціць на год тэрмін пакарання для асоб, якія ўчынілі злачынствы, прадугледжаныя часткамі 1, 2 і 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў). Для асоб, якія ўчынілі злачынства ў непаўналетнім узросце, тэрмін пакарання будзе скарочаны на два гады.

Караеў падкрэсліў, што амністыя не закране асоб, асуджаных за карупцыйныя злачынствы.

Ён зазначыў, што законапраект аб амністыі традыцыйна прадугледжвае вызваленне ад пакарання так званай ільготнай катэгорыі асоб: непаўналетніх, цяжарных, жанчын і адзінокіх мужчын, якія маюць дзяцей да 18 гадоў, інвалідаў I і II груп, асоб, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, хворых на актыўную форму туберкулёзу, на анкалагiчныя захворваннi другой, трэцяй, чацвёртай клiнiчных груп, ВІЧ-інфікаваных з 3-й і 4-й стадыямі захворвання, ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, асоб, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, грамадзян, якія атрымалі раненні, калецтвы і захворванні ў перыяд праходжання ваеннай службы.

Такія асобы падлягаюць вызваленню ад пакарання ў выглядзе грамадскіх работ, штрафу, пазбаўлення права займаць пэўныя пасады, папраўчых работ, абмежавання волі, пазбаўлення волі, а таксама іншых мер крымінальнай адказнасці.

Паводле слоў Караева, амністыя будзе распаўсюджвацца на асоб, якія цалкам пакрылі ўрон і добра характарызаваліся падчас адбыцця пакарання.

Амністыя не закране асуджаных за забойства (ч. 2 арт. 139 КК), згвалтаванне (чч. 2, 3 арт. 166 КК), палавыя зносіны з асобай, якая не дасягнула 16 гадоў (ч. 2 арт. 168 КК), якія ўчынілі ДТЗ у нецвярозым стане з загінулымі і пацярпелымі (чч. 4, 5 арт. 317 КК), здраду дзяржаве, шпіянаж (артыкулы 356—362 КК), паклёп у дачыненні да прэзідэнта (арт. 367 КК), якія атрымалі бязвыплатную замежную дапамогу з парушэннем заканадаўства (арт. 369.2 КК), якія парушылі парадак арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 369.3 КК), злоўжылі ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (арт. 421—422 , чч. 2 і 3 арт. 424 КК), якія ўчынілі бяздзейнасць службовай асобы (чч. 2 і 3 арт. 425 КК), якія перавысілі ўладу або службовыя паўнамоцтвы (чч. 2 і 3 арт. 426 КК).

Амністыя закране каля шасці тысяч чалавек, з месцаў пазбаўлення волі выйдуць каля дзвюх тысяч.

belapan.by