Севярын Квяткоўскі на волі, але пад крымінальнай справай



З пінскага ізалятару часовага ўтрымання вызвалены журналіст і пісьменнік Севярын Квяткоўскі, які быў затрыманы ў Менску 19 студзеня, пасля вяртання з-за мяжы.

фота Лукаша Стэпанюка

Сваё затрыманне ён назваў вельмі цікавай, крыху блытанай, але паказальнай гісторыяй:

– Там настолькі абсурднае абвінавачанне, што за гэты ролік на мяне завялі крымінальную справу. Насамрэч гэта аказалася схемай трох бакоў, каб дабрацца да маёй тэхнікі. Я мяркую, што гэта скіравана найперш супраць „Радыё Свабода”.

Журналіст кажа, што ўспрымае тое, што з здарылася, найперш з прафесійнага пункту гледжання:

– Я атрымаў кучу інфармацыі. Я пабываў у цырку ці ў армейскім анекдоце. Я сядзеў у гэтай камеры і думаў, што з аднаго боку гэта класна, як пісьменніку, бо шмат карыснай інфармацыі і ўражанняў. З другога боку я не ведаў выйду праз тры дні, праз трыццаць ці праз тры гады.

Севярын Квяткоўскі сказаў, што падрабязней распавядзе пра тое, што з ім адбылося, праз пару дзён. Зараз трэба, каб супакоіліся эмоцыі, сістэматызаваліся думкі ды інфармацыя.  

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]