Севярынец аштрафаваны за заклікі да правядзення акцыі „Астравецкі шлях”



У судзе Савецкага раёна Менска 14 чэрвеня разгледзелі адміністрацыйную справу старшыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца. Яго абвінавачвалі ў тым, што 26 красавіка ў Менску падчас традыцыйнага „Чарнобыльскага шляху” ён заклікаў да правядзення акцыі „Астравецкі шлях”.

Палітык абвінавачваўся паводле арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку правядзення ці арганізацыі масавага мерапрыемства). Суд прыняў рашэнне аштрафаваць палітыка на 45 базавых велічынь (1.102,5 рубля).

„Гэта абсурд, калі ў краіне, якая так шмат пацярпела ад аварыі на ЧАЭС, судзяць за заклікі пратэставаць супраць будаўніцтва новай АЭС. Але для Беларусі гэта ўжо стала рэальнасцю”, — пракаментаваў Севярынец БелаПАН.

Аргкамітэт „Чарнобыльскага шляху — 2018” запланаваў 26-га чысла кожнага месяца аж да лістапада праводзіць антыядзерныя акцыі ў гарадах і пасёлках, размешчаных паміж Мінскам і Астраўцом (Гродзенская вобласць): Заслаўі, Радашковічах, Маладзечне, Вілейцы, Смаргоні, Ашмянах. Завяршыцца гэта серыя акцый павінна 26 лістапада ў Астраўцы.

Акцыя 26 мая не была дазволеная ўладамі, бо заяўнікі, на іх думку, павінны былі падаваць заяўку не ў Заслаўскі гарвыканкам, а ў Мінскі райвыканкам. Актывісты правялі ў гэты дзень экскурсію і круглы стол. Тым не менш у дачыненні да некаторых з іх (Дзмітрыя Кучука, Вячаслава Сіўчыка, Ігара Лялькова, Яна Лагвіновіча і іншых) былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Заяўка на правядзенне акцыі ў Радашковічах была перададзена ў Маладзечанскі райвыканкам 11 чэрвеня.

У аргкамітэт „Чарнобыльскага шляху” сёлета ўвайшлі прадстаўнікі Беларускай партыі „Зялёныя”, руху „За Свабоду”, руху салідарнасці „Разам”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.

Севярынец з’яўляецца таксама актыўным удзельнікам пратэсту супраць забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Паедзем паядзім” каля ўрочышча Курапаты.

belapan.by