Севярынец: Менгарвыканкам не выключае прыпынення будаўніцтва каля Курапатаў



Прадстаўнікі грамадскасці 22 лютага аднеслі ў Мінгарвыканкам зварот са скаргай на незаконнасць будаўніцтва бізнес-цэнтра побач з урочышчам Курапаты, паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

Паводле яго слоў, з імі сустрэўся намеснік старшыні Мінгарвыканкама Віктар Лапцеў. „Ён сказаў, што ў Мінгарвыканкаме падумаюць над прыпыненнем будаўніцтва на час разгляду нашага звароту. Гэта значыць агароджу там не прыбяруць, але будаўнічыя работы могуць прыпыніць”, — сказаў Севярынец.

Аналагічныя скаргі будуць перададзеныя ў Генеральную пракуратуру і Міністэрства культуры.

Тым часам стала вядома пра затрыманне аднаго з абаронцаў Курпатаў Паўла Старавойтава. Як паведаміў БелаПАН апазіцыйны палітык Дзмітрый Дашкевіч. Старавойтаў быў затрыманы прыблізна ў 13.00 супрацоўнікамі УУС Савецкага раёна Мінска. Мяркуецца, што зараз ён знаходзіцца ў РУУС.

Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі склалі некалькі адміністрацыйных пратаколаў у дачыненні да актывістаў за блакаванне будаўнічай тэхнікі.

Будаўнічыя работы на пляцоўцы працягваюцца.

Пяціпавярховы бізнес-цэнтр з парковачнай зонай і магазінам на першым паверсе ўзводзіць на скрыжаванні вуліцы Мірашнічэнкі і Мінскай кальцавой аўтадарогі, ля Курапатаў, ТАА „Белрэканструкцыя” на замову кампаніі „КІПрэканструкцыя”. Праект павінен быць завершаны да 28 лютага 2018 года.

Прадстаўнікі грамадскасці і частка мясцовых жыхароў лічаць, што праект бізнес-цэнтра парушае мяжу ахоўнай зоны месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Курапатах. З 20 лютага маладзёжныя актывісты праводзяць кругласутачнае дзяжурства ля будоўлі — на тэрыторыі будпляцоўкі была разбіта палатка. Раніцай 21 лютага будаўнікі сілай выпіхнулі абаронцаў Курапатаў з будоўлі і разграмілі палатку. Сёння раніцай актывісты перашкодзілі праезду на тэрыторыю будоўлі трох машын з будаўнічымі матэрыяламі.

БелаПАН