Шасцёра міліцыянтаў брутальна затрымлівалі хлопца ў метро (18+)



Відэа брутальнага затрымання маладога чалавека ў менскім метро ўзбурыла сацсеткі.

На апублікаваным Таццянай Стрэльнікавай відэа бачна, як супрацоўнікі міліцыі і метрапалітэна затрымліваюць маладога чалавека на станцыі метро «Кастрычніцкая». Яго б’юць і ўжываюць розныя балявыя прыёмы.

Дзяўчына, якая здымала відэа, сказала за кадрам, што бачыла, як хлопец ішоў і нікога не чапаў, калі яго сталі затрымліваць.

Міліцыя апублікавала сваю версію таго, што адбылося.

У менскім метро затрымалі маладога чалавека, які аказаў супраціў міліцыі, паведаміў БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.

«У 1.25 27 траўня малады чалавек спрабаваў увайсці на станцыю метро «Кастрычніцкая». Паводле папярэдняй інфармацыі, якую мы можам агучыць на дадзены момант, сваім неадэкватным станам ён прыцягнуў увагу супрацоўнікаў аховы метрапалітэна. У ходзе разбору ён аказаў актыўны супраціў і нанёс траўмы супрацоўніку міліцыі. У выніку – пералом касцей носа. Кроў супрацоўніка міліцыі і зафіксавана на запісы, якая трапіла ў сетку інтэрнэт », – распавёў прадстаўнік МУС.

Па словах Аляксандра Ластоўскага, малады чалавек быў затрыманы. У цяперашні час лекары прымаюць меры, каб вывесці яго са стану наркатычнага атручвання і алкагольнага ап’янення.

У дачыненні да яго распачата крымінальная справа па артыкуле КК №364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Аб падрабязнасцях будзе паведамлена пазней, дадаў прадстаўнік ГУУС.

gazetaby.com