Шэсце ў гонар Слуцкага збройнага чыну дазволена, але па іншым маршруце



Партыя БНФ атрымала дазвол на правядзенне шэсця і мітынгу ў гонар 97-ай гадавіны Слуцкага збройнага чыну. Мерапрыемства пройдзе 25 лістапада ў Слуцку. Але, як кажа намеснік старшыні Партыі БНФ Зміцер Салошкін, маршрут шэсця быў зменены ўладамі:

– Выканкам Слуцка змяніў месца збору, і замест цэнтральнай вуліцы шэсце дазволена на задворках парку, у малалюдным месцы. Папярэдняя прапанова была яшчэ на мінулым тыдні. Мы не пагадзіліся з ёй і настойвалі на першым сваім маршруце. Бо ў мінулы год не было ніякіх эксцэсаў, калі мы ішлі па гэтым маршруце. Але нашае пажаданне не было ўлічана, і маршрут усё адно быў зменены.

Такім чынам, 25 лістапада, у суботу, збор удзельнікаў мерапрыемства прызначаны на 14.30 каля гарадскога стадыёна. У 15 гадзін павінна пачацца шэсце да гарадскога парку, дзе перад уваходам на танцавальную пляцоўку да 16-ай гадзіны запланаваны мітынг.  

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя