Шэсце ў Курапаты на Дзяды пройдзе 1-га лістапада



Традыцыйнае шэсце на Дзяды пройдзе сёлета 1-га лістапада. Шэсце накіруецца ва ўрочышча Курапаты, дзе таксама запланаваны мітынг, хоць афіцыйнага дазволу сябры Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ пакуль не атрымалі.

Юрась Беленькі

Юрась Беленькі (Фота svaboda.org)

Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі заклікае не заставацца абыякавымі, пакінуць іншыя справы і далучыцца ў першую нядзелю лістапада да традыцыйнай акцыі. „Ёсць даты, якія незалежна ад нашых адрозненняў у светапоглядах і гэтак далей, мы абавязкова мусім адзначаць”, – кажа палітык:

– Адной з такіх датаў з’яўляецца Дзень памяці продкаў Дзяды, калі мы ўзгадваем папярэднія нашы пакаленні, якія сышлі. Пакаленні, якія перадалі нам жыццё, перадалі нашу беларускую культуру, беларускую зямлю, беларускую мову. Мы ўзгадваем у гэты дзень нашых выбітных асобаў, мы ўзгадваем у гэты дзень нявінных ахвяраў, якіх было многа на нашай зямлі.

„Першае шэсце да месца пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій адбылося ў Курапатах 19-га чэрвеня 1988 года пасля таго, як „Літаратура і мастацтва” надрукавала сенсацыйны артыкул З. Пазняка і Я. Шмыгалёва пра масавыя расстрэлы ў Курапатах. У гэтым жа годзе, 19-га кастрычніка, ствараецца аргкамітэт БНФ „Адраджэнне””, – прыгадвае Юрась Беленькі:

– Пачалося рушанне нацыянальна-вызвольнага руху, які прывёў да незалежнасці нашай краіны, які і сёння трымае гэту незалежнасць ад спробаў нядобразычліўцаў з Усходу ліквідаваць нашу дзяржаву. Вось гэта вельмі важная дата ў найноўшай гісторыі нашай краіны.

Курапаты сталі сімвалам барацьбы за незалежнасць Беларусі ды супраць камуністычнай ідэалогіі. Гэты лясны масіў знаходзіцца на паўночным ускрайку Менска. Тут выявілі масававыя пахаванні людзей, расстраляных НКУС у 1937-41 гадах. Колькасць ахвяр дакладна не высветленая: архівы КДБ, датычныя Курапатаў, застаюцца засакрэчанымі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]