Школьніку ў Гомельскім раёне адарвала палец петардай



27 снежня ў гомельскую гарадскую клінічную бальніцу № 1 з пасёлка Пуцяводная Зорка Гомельскага раёна быў дастаўлены вучань 7-га класа. Лекары канстатавалі ў яго мінна-выбуховую траўму левай кісці: пералом першага пальца, адрыў другога пальца на ўзроўні асновы фалангі, адкрыты пералом асноўнай фалангі трэцяга пальца са зрушэннем адломкаў. Таксама дыягнаставаныя выцятыя раны спінкі носа і ніжняй траціны левай галёнкі, паведаміў супрацоўнік прэс-службы УУС Гомельскага аблвыканкама Ігар Грышкевіч.

„Супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі, што 13-гадовы хлопец увечары выйшаў на вуліцу, каб сустрэць свайго сябра. Бацькі ў гэты дзень з’ехалі ў Гомель па пакупкі, пакінуўшы сына аднаго. Як тлумачыць сам пацярпелы, пакуль чакаў таварыша, знайшоў у снезе петарду, якая не выбухнула, і вырашыў яе падпаліць. У гэты час здарыўся выбух. Пачуўшы крыкі, прыбег яго таварыш, які тут жа паведаміў пра здарэнне свайму бацьку. Дарослы адразу выклікаў хуткую і паспрабаваў аказаць першую медыцынскую дапамогу”, — расказаў Грышкевіч.

Супрацоўнік прэс-службы дадаў, што ў Мазыры 25 снежня ў дачыненні да бацькі 12-гадовага школьніка, які падрываў петарды ў школьным двары, складзены адміністрацыйны пратакол за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей. Таксама будзе аштрафаваны бацька 12-гадовага падлетка, які падрываў петарды ў вёсцы Убарок Лоеўскага раёна.

З пачатку снежня супрацоўнікі органаў унутраных спраў Гомельскай вобласці выявілі 40 фактаў незаконнага абароту піратэхнічных вырабаў, у выніку чаго з незаконнага абароту выключана больш за 205 тыс. петард, шэсць грамадзян прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

belapan.by