Шматдзетны бацька з Целяхан: Ездзіць у Івацэвіцкі РАУС няма грошай



Шматдзетны бацька з Целяхан Івацэвіцкага раёна не мае магчымасці ў другі раз даехаць па выкліку начальніка ДАІ Івацэвіцкага РАУС Васіля Жура для складання паўторнага пратаколу па ўважлівай прычыне.

 

Месяц таму суд Івацэвіцкага раёна адмяніў рашэнне начальніка ДАІ Івацэвіцкага РАУС  Васіля Жура аб пакаранні Аляксандра Іванова штрафам у 122 рублі за нібыта непадпарадкаванне супрацоўнікам спецпадраздзялення “Страла”. Справа была накіравана ў ДАІ на новы разгляд  з-за аднабаковасці разгляду. Але ў Іванова няма грошай на паездку і нічога новага ён паведаміць не можа, кажа Аляксандр Іваноў:

– Не заплацілі, бо мне заробак не выдалі ў сувязі з тым, што пераафармленне з інваліднасцю сына было, і ў жонцы зацягнулася. І няма за што ехаць. Зарплата ў мяне малая, 100 еўра нават не атрымліваецца. Пражыццёвы мінімам на чалавека, які павінен быць, у нас таксама не атрымліваецца. А начальнік ДАІ кажа: вы з’явіцеся. Ужо які раз. Пытанне вырашана, суд адмяніў, вышэстаячае кіраўніцтва адмяніла, а мяне не пакідаюць у спакоі, усё цягаюць. Але ж мне трэба за нешта і дзяцей пакарміць.

На Аляксандра Іванова спецпадраздзяленнем  ДАІ “Страла” Міністэрства ўнутраных спраў былі складзены 4 пастановы і пратакол за непадпарадкаванне. Ён быў пакараны штрафам у 122 рублі супрацоўнікамі “Стралы”, калі ехаў на пераробленым сваімі рукамі са старога мапеда транспартным сродку.

Пастановы былі адмененыя Генеральнай пракуратурай. А пратакол быў накіраваны на разгляд у Івацэвіцкую ДАІ.

Беларускае Радыё Рацыя