Што просіць перадаць у ізалятар мастак Алесь Пушкін?



Жонка палітвязня Алеся Пушкіна распавяла пра тое, чаму муж не піша пра сябе і сваю справу.

Нагадаем, што 30 сакавіка мастака Алеся Пушкіна затрымалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў.

Мастак – фігурант крымінальнай справы, якую пачала пракуратура па ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці). Паводле пракуратуры, “за ўчыненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызма”.

Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара, які быў выстаўлены ў прыватным “Цэнтры гарадскога жыцця” ў Гародні. Зараз мастак знаходзіцца ў ізалятары ў Жодзіне.

Яніна Пушкіна: Лісты ад Алеся прыходзяць, але пра сябе ён па-ранейшаму нічога не піша. У асноўным непакоіцца мастацкай спадчынай, дае заданні, што рабіць з яго карцінамі.

А пра сябе і сваю справу, відаць, ім забаронена пісаць ці цэнзура не прапускае такія лісты.

РР: З ліставаннем няма праблем?

Яніна Пушкіна: У гэтым плане як быццам усё ў парадку. Я рэгулярна атрымліваю лісты. Зараз яны даходзяць хутчэй, хаця раней ішлі каля дзесяці дзён. А вось астатнія чамусьці перасталі атрымліваць лісты ад мужа, нават не ведаю, з чым гэта звязана.

Апошнім разам Алесю яго сястра перадала перадачу на 30 кг. У асноўным ваду, некаторыя іншыя неабходныя прадукты. Рэчы наогул не просіць, кажа, што ўсё неабходнае ў яго ёсць. Піша: “Нічога не перадавайце звыш таго, што папрашу”. А просіць звычайна капэрты фармата А4.

Беларускае Радыё Рацыя