Што рабіць з нашай культурнай спадчынай?



Цягам двух гадоў міжнародная праграма Choice падтрымлівала некалькі культурніцкіх праектаў у Беларусі, прысвечаных нашай нацыянальнай спадчыне і стварэнню яе новай формы існавання ды ўжытку. Падсумаваннем двухгадовай працы стала дыскусія-прэзентацыя ў менскай прасторы ЦЭХ.

 

„Большасць праектаў тычылася каштоўнасных пераасэнсаванняў ужо існуючай спадчыны і яе папулярызацыі”, – адзначае каардынатар праекта Choice у Беларусі Кацярына Раманчык:

„Нашай мэтай было стварыць знешні стымул для праектаў, якія ўжо працуюць з актуалізацыяй культуры. А таксама выступіць у якасці выкліка ў пошуку інавацыйных фарматаў – як можа было б прадставіць той прадмет спадчыны, з якім яны працуюць і паспрабаваць паглядзець на яго з іншага ракурсу, пераасэнсаваць. Кожны праект уражвае нейкім моцным бокам, каторы праявіўся”.

 

Думкамі пра тое, як можна захаваць культурную спадчыну краіны падзяліўся старшыня Беларускага Саюза Дызайнераў і стваральнік праекта „Беларускі плакат” Зміцер Сурскі:

„Спадчыну трэба ствараць менавіта сёння і ахоўваць тое, што падляжыць ахове. Бо праз некалькі год мы можам гэта ўсё страціць. Тое тычыцца і дызайну. Я шчыра здзіўлены, што нашы музеі не збіраюць калекцыі дызайнерскіх рэчаў, якія можна наўпрост запрасіць у вытворцаў”.

Падчас сустрэчы стваральнікі дзесяці нацыянальных праектаў прадставілі справаздачу пра свае гісторыі поспеху і тыя складанасці, з якімі давялося сутыкнуцца. Абмеркаванне разгарнулася вакол канкрэтных прыкладаў: ад аднаўлення гістарычнага цэнтра Магілёва да стварэння унікальных экскурсій і папулярызацыі спеўных традыцый.

Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Менск

Фота аўтара