Што “свеціць” Касінераву за гарадавога?



27 красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Менска распачнецца разгляд крымінальнай справы актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава.

Нагадаем, Вячаславу Касінераву прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за праведзены ім 12 сакавіка 2017 г. каля будынку МУС перформанс, падчас якога ён накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцэйскага-гарадавога, выказаўшы такім чынам свой пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Актывіст знаходзіўся ў СІЗА, але днямі быў вызвалены пад падпіску.

Вячаслаў Касінераў: Калі па шчырасці, то не вельмі хвалююся з нагоды таго, які будзе прысуд. Калі мяне затрымалі, то я не столькі здзівіўся гэтаму факту, колькі таму, па якім артыкуле абвінавачваюць. Таму здзіўленне было, але толькі не страх. Сваёй акцыяй я хацеў выказаць сваё меркаванне, і, мяркую, мне ўдалося гэта зрабіць. А тое, што давялося за гэта пацярпець, не страшна.

РР: І ўсё-такі хацелася б пачуць ваш прагноз. Што чакаеце ад заўтрашняга суда?

Вячаслаў Касінераў: Натуральна, што поўнасцю не апраўдаюць, але нешта загадваць складана. Але, паўтаруся, я гатовы да любога вырака суда. Для мяне куды важней, што я выказаў сваю пазіцыю, што мне аказвалі падтрымку падчас знаходжання ў няволі столькі сяброў і знаёмых. Ды і грамадзянская супольнасць мяне падтрымлівае. Усім жа відавочна абсурднасць гэтай справы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя