Што дасць дыялог з уладай для журналістаў–фрылансераў?
Прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта з нагоды пераследу журналістаў-фрылансераў.
Кіраўніцтва арганізацыі просіць службоўцаў праясніць сітуацыю з новай хваляй пераследу журналістаў за супрацу з замежнымі СМІ.
У Гародні за супрацу з замежнымі СМІ некалькі журналістаў-фрылансераў былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці і заплацілі ў скарбонку беларускай дзяржавы вялікія штрафы.
Што думаюць гарадзенскія журналісты пра такі дыялог з дзяржавай?
Кажа Алесь Дзянісаў:
— Я разумею пазіцыю БАЖ, бо яны павінны ісці да апошняга і таму яны падпісваюць нейкія паперы і падаюць іх кудысьці. І нават ужо ў амаль што апошнюю інстанцыю: Адміністрацыю прэзідэнта.
Журналіст-фрылансер Алесь Кіркевіч:
— Вядома, заўжды хочацца, каб наш маналог нарэшце пераўтварыўся ў дыялог і кожны раз на гэта ўскладаюцца нейкія надзеі, але з іншага боку асабліва разлічваць на нешта і дастасоўваць свае жыццёвыя планы пад такія заявы, што маўляў усё будзе добра і што нешта там вырашаць, я думаю не варта.
За апошнія паўгода справы ў дачыненні да журналістаў–фрылансераў не заводзіліся. Аднак, у канцы 2015 — пачатку 2016 года стала вядома пра тры распачатыя ў Гомельскай вобласці адміністрацыйныя справы супраць беларускіх журналістаў, матэрыялы якіх з’явіліся ў замежных СМІ.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота: naviny.by
