Штраф Рыгору Грыку адмянілі, а справу накіравалі на новы разгляд



Берасцейскі абласны суд адмяніў пастанову Баранавіцкага суда, паводле якой актывіст Рыгор Грык быў пакараны штрафам у 1050 рублёў за правядзенне перадвыбарчага пікету. Справу Рыгора Грыка накіравалі на новы разгляд у Баранавіцкі суд.

Каментуе праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які прысутнічаў на разглядзе скаргі:

– Пікет Рыгор Грык паводзіў як давераная асоба кандыдата, паінфармаваўшы мясцовую ўладу аб тым, што яны будуць праводзіць пікетаванне ў вызначаным уладамі месцы. І ягоны пікет павінен разглядацца ў рамках менавіта Выбарчага кодэксу. І тут ён нічога не парушаў. Але адбылася падмена паняццяў, і яго прыцягваюць да адказнасці за парушэння закона аб масавых мерапрыемствах. Канешне, гэта не правільна. Чым кіруюцца суддзі падчас разгляду гэтых справаў, я думаю, усё ж такі прагматызмам, таму што “нішто не вечна пад месяцам”, і раптам заўтра штосьці памяняецца, сумленне будзе запэцканаt. Таму такі вынік.

Рыгор Грык таксама не бачыць парушэнняў, таму і абскарджваў папярэдні прысуд. Новы разгляд справы Грыка адбудзецца ў Баранавічах і прызначаны на 29 снежня.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя