Штрафуюць нават пенсіянераў



Сярод аштрафаваных за ўдзел у нядзельнай акцыі пратэсту супраць будаўніцтва завода акумулятарных батарэй у Берасці была і пенсіянерка Людміла Карчэўская. Яна ўдзельнічае ў амаль ўсіх „кармленнях галубоў” на плошчы Леніна, бо непакоіцца за здароўе сваіх дзяцей і ўнукаў. Пра сваё затрыманне ўзгадвае сама пенсіянерка:

– Хачу сказаць, што мой сын некалі ў міліцыю планаваў пайсці. І я цяпер шчаслівая, што гэтага не стала. Бо калі б такое адбылося, я не ведаю, ці змагла б перажыць. Улічваючы, што я ўвесь час хаджу, я крыху была асцярожнай, бо і са здароўем не так добра, каб усё гэта лёгка і проста пераносіць.

Людмілу Карчэўскую затрымалі па дарозе ў РАУС, куды накіравалася частка пратэстоўцаў у знак салідарнасці з затрыманымі ў нядзелю на плошчы Леніна. Праціўнікі будаўніцтва завода кажуць, што загад на затрыманне пенсіянеркі асабіста аддаў начальнік міліцыі грамадскай бяспекі і намеснік начальніка Ленінскага РАУС Мікалай Самасюк. Пенсіянерку з РАУС ўсё ж адпусцілі, але з позвай у суд, дзе тая атрымала 5 базавых велічыняў штрафу за „ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце