„Штучкі ў вашы ручкі”



Тры гады існуе ў Гародні прыватнае прадпрыемства па вырабе антыстрэсавых падушак «Штучкі ў вашы ручкі». Гэта адзінае ў Беларусі сацыяльнае прадпрыемства, якое заняло нішу вырабаў антыстрэсавых падушак на кожную патрэбу. Рэалізацыяй сваіх падушак прадпрыемства займаецца праз гарадзенскі супермаркет «Old City».

Кажа дырэктарка прадпрыемства Галіна Алісава:

– Вырабляем дэкаратыўную падушку з эфектам антыстрэс, вельмі яркая прадукцыя, унутры маленькія белыя гранулы. Падабаецца як дзецям, так і дарослым. Запатрабаваная прадукцыя для людзей, якія перанеслі інсульты і інфаркты. Добра развівае маторыку рук у дзетак і хворых людзей.

Больш паловы персаналу гэтага малога, з выгляду сацыяльнага прадпрыемства, людзі з інваліднасцю. У чатырох асноўных памяшканнях прадпрыемства работнікі выконваюць шэраг аперацыяў па стварэнню малюнка на тканіне, пасля выкрайкі, запаўнення падушак грануламі, абкідання і пакавання гатовай прадукцыі. Пра свае адчуванні на прадпрыемстве кажуць работнікі, людзі з інваліднасцю.

– Я на трэцяй групе інваліднасці, але ўладкаваўся год таму на фірму «Штучкі ў вашы ручкі». Дзякуючы Галіне Вацлаваўне, яна мне дала другое жыццё, гэта наш дырэктар, узялі мяне аператарам набівачнай машыны, то бок полістыролам набіваю цацкі. Задавальненне вялікае ад гэтага, увогуле антыстрэсавыя падушкі атрымліваюцца. І калі іх набіваеш, нават потым стрэс здымаеш.

– Ніхто нікога не прымушае, таму што нам падабаецца гэтая праца.

«Штучкі ў вашы ручкі» шукаюць інвестараў. Бо для пашырэння асартыменту патрабуецца і рост колькасці персаналу, а таксама мадэрнізацыя магутнасцяў. І самае важнае – у Гародні няшмат прадпрыемстваў, якія маюць прыватны бізнес, што зацікаўлены ў працаўладкаванні інвалідаў. А людзям, якія апынуліся ў бядзе, бракуе месцаў працы, каб адчуваць сваю карыснасць і атрымоўваць заробак. Бо інвалідныя пенсіі вельмі малыя.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя