Шуневіч адчувае гонар з нагоды таго, што апрануў форму НКУС
Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч апрануў на Дзень Перамогі ў 2015 годзе форму НКУС, каб „аддаць даніну павагі гісторыі”. Аб гэтым кіраўнік МУС заявіў у праграме „Маркаў. Нічога асабістага”, паказанай увечары 27 снежня ў эфіры тэлеканала ОНТ.
На пытанне кіраўніка тэлеканала Марата Маркава, ці не шкадуе ён, што ў свой час так зрабіў, Шуневіч адказаў: „Вы ведаеце, толькі гонар, ніякіх іншых пачуццяў я не адчуваю”. „Я невыпадкова гэту форму апрануў на Дзень Перамогі 2015 года, у дзень 70-годдзя вялікай перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. І нагода, і падставы толькі адны — гэта аддаць даніну павагі гісторыі, гісторыі ведамства, гісторыі людзей, якія ў гэтай форме сотнямі тысяч здзяйснялі подзвігі, гінулі, абаранялі радзіму і падчас Вялікай Айчыннай вайны, і ў цяжкі пасляваенны час”, — растлумачыў ён.
Шуневіч адзначыў, што гэта форма была ўведзена ў 1943 годзе. „Тады, вядома, ведамства было адно, называлася НКУС. Але туды ўваходзіла і міліцыя, і органы дзяржбяспекі, і пажарная ахова, і ахова лагераў, і канвойныя падраздзяленні, і розныя вайсковыя падраздзяленні. Гэта быў вялікі камісарыят, куды ўваходзіла міліцыя. Дык вось, я аддаю даніну павагі ўсім супрацоўнікам органаў унутраных спраў, якія выконвалі свой абавязак — якія абаранялі краіну”, — падкрэсліў кіраўнік МУС.
belapan.by
