Шуневіч: Грамадзяне ўсё часцей аказваюць супраціў міліцыі



Міліцыі штораз часцей аказваюць супраціў, — паскардзіўся журналістам міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч. Такім чынам ён пракаментаваў інцыдэнт з затрыманнем у менскім метро маладога чалавека.

Відэа з месца паказвала, як чацвёра міліцыянтаў жорстка затрымлівалі 19-гадовага менчука, якія паводле ГУУС знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення і аказваў актыўны  супраціў.

Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павал Сапелка адзначае, што супраціў міліцыі аказвалі заўсёды і ўсюды.

— Быў гэта законны ці незаконны супраціў, гэтаму давалі розную адзнаку. У апошні час, бо ўсё ж XXI стагоддзе на дварэ, людзі зразумелі, што ёсць такая рэчы як правы чалавека, што ёсць не толькі правы супрацоўніка органаў унутраных спраў, але і абавязкі супрацоўніка органаў унутраных спраў. Ужо няма такога ўсеагульнага разумення, што калі міліцыя нешта робіць, дык яна на 100 % мае рацыю.

Супрацоўнікі міністэрства унутраных спраў цягам апошніх месяцаў не раз станавіліся фігурантамі спраў, якія атрымлівалі грамадскі розгалас. Сам кіраўнік МУС Ігар Шуневіч мяркуе, што вядзецца мэтанакіраваная кампанія па дыскрэдытацыі беларускай міліцыі.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя