Шуневіч прапануе адпраўляць былых асуджаных у спецкалгасы



МУС Беларусі займаецца распрацоўкай праекта па працаўладкаванні былых асуджаных на сельгаспрадпрыемствы з мэтай іх сацыяльнай рэабілітацыі. Пра гэта паведаміў сёння журналістам міністр МУС Ігар Шуневіч, наведваючы КСУП „Хутар-Агра”.

Цяпер распрацоўваецца новы закон аб сацыяльнай рэабілітацыі былых асуджаных.

У сувязі з гэтым, па словах міністра, паўстала ідэя аб стварэнні ў структуры крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС спецыялізаванага сельгаспрадпрыемства для працаўладкавання вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. „Такім чынам былыя асуджаныя атрымаюць магчымасць паспяховай рэсацыялізацыі. Па-першае, працаўладкаванне будзе садзейнічаць зніжэнню рэцыдыву, па-другое, дапаможа людзям ўліцца ў грамадства, атрымліваць зарплату, будаваць сем’і, гадаваць дзяцей, выплачваць зыскі”, – сказаў Ігар Шуневіч.

У якасці эксперыментальнай базы было абрана КСУП „Хутар-Агра”. Па словах міністра, прававога рашэння на перадачу ў структуру крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС дадзенага сельгаспрадпрыемства пакуль няма. Сумесна з кіраўніцтвам Гомельскага аблвыканкама і КСУП „Хутар-Агра” рыхтуюцца дакументы, якія будуць прадстаўлены ў Савет Міністраў.

„Ад поспеху працы тут будзе залежаць далейшае распаўсюджванне праекта. Калі ўсё атрымаецца, то дадзены вопыт перамесцім на ўсе тэрытарыяльныя ўпраўленні ўнутраных спраў, акрамя Менску”, – адзначыў Ігар Шуневіч. Калі будзе прынята рашэнне перадаць сельгаспрадпрыемства з камунальнай ва ўласнасць МУС, перспектыўнымі напрамкамі развіцця прадпрыемства стане асваенне новых відаў сельгаспрадукцыі, стварэнне ўласнага ўчастка па вытворчасці камбікармоў, пашырэнне асартыменту агародніннай і мясной прадукцыі, удакладніў міністр.

Плануецца, што ўся прадукцыя, якая вырабляецца, будзе выкарыстоўвацца для патрэб крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС. КСУП „Хутар-Агра” створана ў ліпені 2016 года шляхам рэарганізацыі Светлагорскага аграпрамысловага кіравання ВА „Беларуснафта”. Асноўным відам дзейнасці з’яўляецца вытворчасць малака, мяса буйной рагатай жывёлы, збожжа і кармоў. Колькасць работнікаў прадпрыемства складае больш за 200 чалавек.

belta.by 

Фота БелаПАН