Шведскі сямейны weekend у Гомелі
У Гомелі вучылі сартаваць смецце і быць сапраўднымі татамі. У абласным цэнтры прайшоў шведскі weekend. Падчас мерапрыемства дзеці глядзелі спектаклі, а дарослыя дыскутавалі на тэмы “Ці трэба хадзіць татам у дэкрэтны адпачынак” і “Для чаго сартаваць смецце”.
Пасол Швецыі Крысціна Юханесан адкрыла фотавыставу “Таты Швецыі” на беларускай мове.
Крысціна Юханесан:
– Героямі фотавыставы сталі таты, якія вырашылі застацца дома з дзецьмі на працягу не менш як шасці месяцаў. І я вельмі радая, што можам паказаць фотавыставу тут, у Гомелі.
Кіраўнік беларускага аддзялення Oriflame Эрык Б’ёркман распавёў пра шведскі досвед дэкрэтнага адпачынку татаў.
Эрык Б’ёркман:
– Мае сябры былі ў адпачынку па доглядзе за дзецьмі па два-тры месяцы. Гэта фінансава магчыма, паколькі ў Швецыі вельмі высокая страховачная сістэма. І, паводле заканадаўства, ты можаш быць дома два месяцы. У нас сорамна, калі ты не пайшоў у мужчынскі дэкрэт.
Падчас шведскага сямейнага weekend’у грамадскае аб’яднанне “Клуб львоў” прэзентаваў свой праект “Тата-школа”.
Раман Кручкоў, каардынатар праекта “Тата-школа”:
– Нашая задача – зацікавіць мужчыну ў дародавы перыяд, альбо калі ў яго дзіця толькі нарадзілася, таму што гэта сама ўразлівая катэгорыя, бо ім няма адкуль яшчэ атрымаць інфармацыю.
Міхаіл Шукайла, удзельнік праекта “Тата-школа”:
– Статыстыка разводаў нават не гаворыць, а крычыць, што штосьці трэба рабіць, штосьці трэба змяняць. А з чаго пачаць? “Тата-школа” – гэта тыя крокі, каб “вярнуць мужчын у сям’ю”.
Пакуль бацькі дыскутавалі, дзеці глядзелі беларускамоўны спектакль “Мама Му, крумкач і каляды”, малявалі Швецыю і вучыліся экалогіі на экаспектакліку.
Наведнікам шведскага weekend’у спадабалася спалучэнне мерапрыемстваў для дзяцей і бацькоў.
Тацяна, маці двух дзяцей. Прыйшла разам з мужам:
– Прыйшла, бо хацела, каб дзеці пачулі беларускую мову. Была цікавая рэакцыя мужа на ўсё гэта мерапрыемства: ён мяне вельмі здзівіў, таму што зацікавіўся вельмі “Татай-школай”.
Тата з дачкой:
– Праблема выхавання дзяцей татамі востра стаіць у нас у краіне. Цудоўная ідэя. Кожны прысутны мог зноў вызначыць для сябе ролю таты ў сям’і.
Вольга, мама сына і дачкі:
– Мы адмыслова прыехалі на мерапрыемства з Рэчыцы. Ідэя шыкоўная: бацькі могуць абмяркоўваць свае дарослыя пытанні, а дзеці ў гэты момант занятыя на спекталі.
Пасол Швецыі Крысціна Юханесан адзначыла, што з вялікім задавальненнем прыязджае ў Гомель:
– Калі мы сюды прыязджаем, то для нас заўжды адкрытыя дзверы, маецца добрая платформа і добрая публіка.
Шведскі сямейны weekend адбыўся пры партнёрстве Пасольства Швецыі ў Беларусі і Гомельскай абласной бібліятэкі.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя
