Сілавікі не далі правесці марш людзей з інваліднасцю ў Менску



Сілавікі не далі правесці людзям з інваліднасцю чарговы марш у Менску.

Марш планаваўся пад лозунгам „Людзі з інваліднасцю супраць бязмежжа” ў знак салідарнасці з грамадзянамі, якіх працягваюць затрымліваць па ўсёй краіне па палітычных матывах.

Некалькі дзясяткаў дэманстрантаў, сярод якіх былі калясачнікі і людзі на мыліцах, традыцыйна сабраліся ў 14.00 ля Чырвонага касцёла і накіраваліся ў бок праспекта Незалежнасці. На рагу гасцініцы „Мінск” дарогу ім заступілі сілавікі ў чорным. Удзельнікі маршу развярнуліся і вярнуліся на плошчу. Сілавікі рушылі за імі.

На плошчы дэманстранты з бел-чырвона-белымі сцягамі і стужкамі сталі ў ланцуг уздоўж праспекта. Супрацоўнікі міліцыі ў мегафон папярэджвалі іх аб тым, што мерапрыемства не санкцыянаванае.

Затым удзельнікі акцыі некаторы час хадзілі па перыметры плошчы і зайшлі ў касцёл.

Цяпер плошча практычна пустая, па баках прыпаркаваныя мікрааўтобусы з сілавікамі.

Папярэдні марш адбыўся 5 лістапада, яго ўдзельнікі прайшлі ад Чырвонага касцёла да Кастрычніцкай плошчы. Падчас акцыі было затрымана некалькі чалавек, у тым ліку журналістка Анастасія Захарэвіч. Яе арыштавалі на 15 сутак.

belapan.by

Фота: Тут.бай