Сітуацыя ў Менску застаецца стабільнай



Беларусь, як і ўвесь свет, знаходзіцца ў чаканні на спад пандэміі. Чаканне гэта праходзіць у сваім беларускім рэжыме.

Актуальны стан на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наш карэспандэнт Вольга Сямашка:

– Сітуацыя ў Менску застаецца стабільнай. Лічба 76 выпадкаў каронавіруса на краіну па стане на раніцу на 23 сакавіка застаецца нязменнай. Учора супакой горада парушыў шум верталёта – гэта праваслаўны метрапаліт Павел са сваімі святарамі абляцеў Менск і акрапіў яго святой вадой. Гэтай навіной поўніцца зараз і бацькоўскія сталічныя чаты, бо большасць дзяцей застаецца дома. Каардынаванне з настаўнікамі і выхавацелямі адбываецца анлайн. Зранку на вуліцах Менску пануе ажыўлены аўтамабільны рух, мінакі як звычайна ідуць на працу. Гэта тыя, хто працуе на спецыяльным абсталяванні з дакументамі, якія не падлягаюць вынасу з офісаў. Узрос паказнік пераходу на дыстанцыйную працу з дому. У сектары IT ён дасягае 90%. Асабліва ўдарна працуюць сталічныя камунальныя службы – наносіцца новая дарожная разметка, ідзе высадка дрэваў і хмызняку, вывозіцца смецце. Пра меры барацьбы з каронавірусам і спецыяльныя сродкі, якія сустракаюцца ў любым публічным месцы, садзейнічаюць інфармаванасці грамадзян. Паводзіны і стасункі менчукоў указваюць на тое, што большасць людзей выдатна ведаюць, як трэба дзейнічаць, каб прадухіліць інфікаванне. Сярод лекараў інфекцыяністаў і ўрачоў, што прымаюць люзей у сталічных паліклініках, настрой спакойны.

Беларускае Радыё Рацыя