Украіна пакуль не збіраецца прапускаць паломнікаў-хасідаў (абноўлена)
Пакуль што сітуацыя не дазваляе ўладам Украіны прапусціць на тэрыторыю дадатковую колькасць паломнікаў-хасідаў, паведаміў намеснік міністра замежных спраў краіны Яўген Енін, піша Інтэрфакс.
Па словах Еніна, сітуацыя знаходзіцца пад кантролем кампетэнтных органаў дзяржаўнай улады, а ва Умані прымаюцца «надзвычай пільныя меры з мэтай максімальнай бяспекі тых паломнікаў, якія ўсё-ткі прыбылі да ўвядзення забароны на ўезд ва Украіну».
«Ім будзе забяспечана адпаведнае харчаванне, медыцынскае забеспячэнне. Будуць зведзеныя да мінімуму кантакты з мясцовым насельніцтвам, плануецца правядзенне дадатковага тэставання з тым, каб супакоіць мясцовае насельніцтва і пераканаць яго ў тым, што на сённяшні момант усе магчымыя меры распаўсюджванню Covid на дадзеным этапе ўжытыя», – растлумачыў Енін.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: tut.by
***
Тысячы габрэяў-хасідаў затрымаліся на беларуска-ўкраінскай мяжы паміж пунктамі пропуску «Новая Гута» і «Новыя Ярылавічы». Яшчэ сотні – у Іванаўскім раёне. Іх з-за закрытых межаў не пускае Украіна.
Але хасіды запэўніваюць, што будуць стаяць да канца. Памром, кажуць, але прыйдзем ва Умань да нашага цадзіка.
Кожны год яны здзяйснялі ў верасні паломніцтва ва ўкраінскі горад Умань, дзе знаходзіцца магіла заснавальніка брацлаўскага хасідызму цадзіка Нахмана, а ў гэтым годзе іх не пускаюць з прычыны каранціну.
Учора на граніцы даходзіла да канфліктаў з дальнабойнікамі, якім хасіды перакрываюць дарогу і не даюць нармальна праязджаць.
На граніцу прыязджаў кіраўнік Гомельскай вобласці, там працуюць валанцёры Беларускага Чырвонага Крыжа.
Сярод паломнікаў ёсць жанчыны з малымі дзецьмі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: m.sputnik.by
