СК не знайшоў падстаў для праверкі звароту па факце масавых катаванняў людзей



Следчы камітэт не знайшоў падстаў для праверкі звароту грамадскага аб’яднання „Беларускі Хельсінкскі камітэт” (БХК) па факце масавых катаванняў людзей. Гэта вынікае з адказу СК, які паступіў у БХК.

Праваабаронцы БХК патрабавалі ад СК расследаваць катаванні, а вінаватых — прыцягнуць да адказнасці. У звароце Беларускага Хельсінкскага камітэта гаварылася аб непрапарцыйным ужыванні сілы і спецсродкаў у дачыненні да мірных дэманстрантаў, якія выйшлі на вуліцу пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, а таксама аб масавых збіваннях і катаваннях затрыманых.

У адказе за подпісам начальніка галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю цэнтральнага апарату СК Сяргея Цішука сказана: „Паколькі ў вашым звароце адсутнічаюць звесткі аб канкрэтных злачынствах і іншых абставінах, падстаў для правядзення Следчым камітэтам праверкі непасрэдна па гэтым звароце і прыняцця рашэнняў у парадку, устаноўленым Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, няма”.

„Разам з тым па паведамленнях і заявах грамадзян аб незаконным прымяненні супрацоўнікамі праваахоўных органаў фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў, якія паступілі ў падраздзяленні Следчага камітэта, і заявах, што паступяць у далейшым, у цяперашні час праводзяцца і будуць праводзіцца праверкі, аб выніках якіх заяўнікі будуць апавешчаныя ў вызначаным заканадаўствам парадку”, — запэўніў Цішук.

Каментуючы афіцыйны адказ СК, БХК адзначае: „Для пачатку мы хочам нагадаць, што згодна з арт. 12 Канвенцыі супраць катаванняў кожная дзяржава-ўдзельнік забяспечвае, каб яго кампетэнтныя органы праводзілі хуткае і бесстаронняе расследаванне, калі ёсць дастатковыя падставы меркаваць, што катаванне было прымененае на любой тэрыторыі, якая знаходзіцца пад яе юрысдыкцыяй”.

„Мы лічым, што хуткае і эфектыўнае расследаванне ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам магчымае толькі ў межах распачынання крымінальнай справы”, — гаворыцца ў каментары БХК.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам (КПК) крымінальная справа распачынаецца пры наяўнасці нагоды і падстаў.

„Нагодай з’явілася наша паведамленне (паведамленне службовых асоб дзяржаўных органаў, іншых арганізацый — пункт 3 артыкула 166 КПК і арт. 170 КПК), а таксама шматлікія заявы грамадзян аб прымяненні да іх катаванняў, гвалту і жорсткага абыходжання (на момант падачы нашага паведамлення ўжо было вядома пра больш як 700 такіх заяў, пададзеных ў тэрытарыяльныя аддзелы СК), шмат паведамленняў аб злачынствах у СМІ. Падставай — наяўнасць дастатковых даных, якія паказваюць на прыкметы злачынства, пры адсутнасці абставінаў, якія выключаюць вытворчасць па крымінальнай справе”, — адзначаюць у БХК.

„Мы перакананыя, што ў цяперашні час у Следчага камітэта дастаткова даных для распачынання крымінальнай справы. Гэта і шматлікія заявы грамадзян аб катаваннях, якія паступілі ў тэрытарыяльныя аддзелы СК. Гэта і публікацыі ў СМІ, шматлікія фота- і відэаматэрыялы, а таксама медыцынскія дакументы, якія сведчаць аб характары і ступені цяжару цялесных пашкоджанняў і абставінах, пры якіх яны былі атрыманыя”, — гаворыцца ў каментары праваабарончай арганізацыі.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што „замест прыняцця абгрунтаванага і законнага працэсуальнага рашэння СК адказаў на паведамленне аб злачынстве, пададзенае ў межах КПК”, як на зварот, пададзены ў парадку закона „Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.

„На падставе заявы або паведамлення аб злачынстве ў адпаведнасці з нормамі Крымінальна-працэсуальнага заканадаўства павінна было быць прынятае адно з наступных працэсуальных рашэнняў: аб распачынанні крымінальнай справы; аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы; аб перадачы заявы, паведамлення па падследнасці, кампетэнцыі. Ні адно з названых рашэнняў не было прынятае, — адзначаюць у БКХ. — Мы будзем абскарджваць дзеянні начальніка галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю СК С.П.Цішука ва ўстаноўленым парадку”.

„У цэлым для нас з’яўляецца відавочным нежаданне праваахоўнай сістэмы краіны рэагаваць законнымі метадамі на факты катаванняў, гвалту і жорсткага абыходжання, якія, відавочна, ужываліся да людзей па палітычны матывах”, — рэзюмуюць прадстаўнікі Беларускага Хельсінкскага камітэта.

belapan.by