СК патлумачыў, чаму спынілі справу «Белага легіёна»



На сайце Следчага камітэта з’явіўся пашыраны каментар наконт спынення справы «Белага легіёна».

«Аналізуючы ў сукупнасці сабраныя доказы, следства прыйшло да высновы, што дзеянні фігурантаў фармальна ўтрымліваюць прыкметы стварэння незаконнага ўзброенага фармавання. Так, праведзеная ў групе прафесійная падрыхтоўка можа быць кваліфікаваная як баявая падрыхтоўка, характэрная для асабістага складу вайсковага фармавання альбо для незаконнага ўзброенага фармавання.

Разам з тым, у ходзе папярэдняга расследавання ўстаноўлена, што названыя дзеянні абвінавачаных не былі накіраваныя на гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу і (або) тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, а таксама на здзяйсненне якіх-небудзь іншых супрацьпраўных дзей, адзначаецца ў паведамленні СК.

Дзеянні абвінавачаных не валодаюць прыкметамі грамадскай небяспекі, уласцівай злачынству, бо не прычынілі істотную шкоду інтарэсам і грамадскім адносінам, што ахоўваюцца крымінальным законам.

З улікам выкладзенага, гэтыя дзеянні абвінавачаных у адпаведнасці з ч. 4 арт. 11 КК прызнаныя нязначнымі. Такім чынам, крымінальны пераслед у дачыненні да абвінавачаных па арт.287 КК і папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе спынена на падставе п.2 ч.1 арт.29 КПК Рэспублікі Беларусь за адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства.

Матэрыялы справы цяпер накіраваны пракурору для вывучэння і ацэнкі законнасці прынятага рашэння.