Скаргу мастачкі Марысі Тульжанковай не задаволілі



Гомельскай мастачцы Марысі Тульжанковай не ўдалося дабіцца абскарджання свайго арышту ў абласным судзе.

Гамяльчанка лічыць, што яе зняволенне праз удзел у адной са жнівеньскіх акцый пратэсту было незаконным. Аднак суддзя Руслан Царук, выслухаўшы аргументы Марысі Тульжанковай, пакінуў рашэнне суда першай інстанцыі без змяненняў.

Марыся Тульжанкова лічыць, што, нягледзячы на вынік, грамадзянам варта адстойваць свае правы ў гэты пераломны момант.

– У маім выпадку, мне здаецца, што гэта было цалкам матываванае рашэнне, таму што суддзя нават не вытрымаў свае 15 хвілінаў на парады. Гэта было літаральна 3-4 хвіліны. Ён проста выйшаў з ужо гатовым рашэннем, хаця нашы довады і нагода, каб перагледзець справу была досыць сур’ёзная і важкая. Гэта памылкі ў асабістых дадзеных, то бок пратакол і рапарт былі складзеныя на іншую асобу. І даваць мне такое суровае пакаранне за плакат, які мне толькі паказалі ў судзе, – гэта проста абсурдная сітуацыя.

Марыся Тульжанкова – вядомая гомельская мастачка і краязнаўца, якая ў разгар пратэстаў вярнулася на радзіму пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў ва Ўроцлаве. У кастрычніку яе асудзілі на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці ў Гомелі.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]