Сход беларускіх міжнародных перавозчыкаў



Ля офіса Транспартнай інспекцыі па Берасцейскай вобласці сабраліся прадстаўнікі дробных і сярэдніх беларускіх міжнародных аўтаперавозчыкаў.

Нагодаю для сустрэчы сталіся наступствы ўступлення ў сілу Пастановы міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь №28 ад 30 лістапада 2018 года. Паводле яе, зацвярджаецца Інструкцыя аб парадку размеркавання, выдачы і выкарыстання дазволаў на праезд транспартных сродкаў, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь, па тэрыторыі замежных дзяржаў пры выкананні міжнародных аўтамабільных перавозак. Пастанова закранула інтарэсы згаданых перавозчыкаў:

– На 8 машын атрымалі 12 польскіх дазволаў, і ўсё – яны скончыліся. Вынік – два кіроўцы пайшлі на навучанне ў Польшчу, таму што няма куды ездзіць, няма чым плаціць. Фірма на цяперашні дзень дзве счэпкі ўжо прадала, таму што трэба плаціць крэдыт, ФСЗН, заробак кіроўцам – працуюць яны ці не працуюць.Вось такая агульная праблема, не толькі мая.

Перавозчыкі, а іх ля офіса Транспартнай інспекцыі сабралася не меней за 30 чалавек, падзяліліся і сваімі развагамі пра прычыны і магчымыя наступствы такіх новаўвядзенняў:

– Трэба зменшыць колькасць перавозчыкаў, стаўкі за перавозкі для таго, каб не зніжаліся. А які самы просты спосаб зменшыць – прыдумаць формулу, якая б змагла адсекчы частку людзей. Бачна, што супраць нашага перавозчыка працуюць. Памятаеце, як у Кітаі ганялі вераб’ёў і чым гэта скончылася? Прыкладна такое адбываецца ў нас. Палююць на вераб’ёў. Чым скончыцца гэта? Будзе не ўраджай.

Перавозчыкі, якім не хапіла дазволаў, стварылі групу ў месенджары і там вырашаюць, што рабіць далей. Ужо адпраўлены зварот да беларускіх уладаў, у якім яны выклалі сутнасць праблемы, а таксама існуе інтэрнэт петыцыя з пэўнымі патрабаваннямі.

Берасцейскі сход перавозчыкаў здымалі на відэакамеру двое невядомых у цывільным.

Беларускае Радыё Рацыя