Скідзельцаў судзяць за мастацкія выявы



10 лютага ў судзе Гарадзенскага раёну пачаўся разгляд крымінальнай справы жыхароў Скідзеля Крысціны Палтавец і Андрэя Апанасовіча. Абодвух вінавацяць паводле артыкулу 341 КК РБ (Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). Пра гэта паведамляе „Гарадзенская вясна”.

Справу разглядае старшыня Гарадзенскага раённага суду Ганна Чылека. Дзяржабвінаваўцай выступае пракурор Марына Цярэшка. У справе фігуруе каля 20 розных эпізодаў. Пачынаючы з канца жніўня і да 21 снежня 2020 года мастачка Крысціна Палтавец у розных месцах горада Скідзель, а таксама на прыпынках і мастах Гарадзенскага раёну, у вёсках і мястэчках Саволеўка, Бірулічы, Сухаўляны, Абухава, Азёры выконвала мастацкія малюнкі з рознымі выявамі. Пры тым ніякіх гвалтоўных заклікаў ці непрыстойнасцяў яна не малявала. Наадварот, мастачка нават замалявала некалькі нецэнзурных напісаў на аб’ектах.

Палтавец позна ўвечары ездзіла пераважна на ровары ў розныя кропкі згаданых месцаў і рабіла разнастайныя выявы буслоў, катоў, дзяўчын з бел-чырвона-белымі валасамі, герба “Пагоні”, бел-чырвона-белая ялінкі, былі таксама напісы салідарнасці “Жыве Беларусь!”, “Далучайся!”, “Я выхожу”, выява Рамана Бандарэнкі.

З канца восені ў некаторыя месцы Палтавец падвозіў на сваёй асабістай машыне Андрэй Апанасовіч. Так у снежні яны здзейснілі тры супольныя выезды, пры тым Апанасовіч толькі падвозіў Палтавец, але не дапамагаў ёй у маляванні.

Агулам абодвум абвінавачаным налічылі 596 рублёў 21 капейку – на гэтую суму нібыта былі нанесеныя страты розным дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам. Гэтая штрафная сума выплачана абвінавачанымі яшчэ да суду.

У першы дзень у працэсе прайшоў пракурорскі допыт абвінавачаных. Пракурор Цярэшка доўга зачытвала пералік эпізодаў справы з характэрнымі фармулёўкамі кшталту “циничное изображение в виде аиста”, “чем существенно снизила эстетические характеристики стены забора” і т. п. Абодвум абвінавачаным пракурор і суддзя задавалі пытанні.

Працяг працэсу пройдзе 11 лютага і пачнецца а 10-й гадзіне. У гэты дзень плануецца апытанне сведак па справе.