Скончыў жыццё самагубствам яшчэ адзін вайсковец
8 верасня прыкладна ў 18.00 у лясным масіве знойдзена цела вайскоўца адной з вайсковых частак Гарадзенскага гарнізона. Ён пакінуў вайсковую часць 5 верасня і знаходзіцца ў вышуку. Пра гэта паведамляе прэс-служба Мінабароны.
Вайсковец 1991 года нараджэння, праслужыў каля 16 месяцаў.
„Згодна з вынікамі папярэдніх следчых дзеянняў, прычына смерці мае выключна асабісты характар, пра што сведчыць знойдзеная пры ім перадсмяротная запіска”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Па факце гібелі праводзіцца праверка Следчым камітэтам і камісіяй Міністэрства абароны.
Ваеннае ведамства выказала спачуванні родным ваеннаслужачага і заявіла, што акажа ім „неабходную дапамогу”.
Гэта другі за тыдзень выпадак самагубства жаўнера тэрміновай службы. Папярэдні адбыўся 5 верасня ў адной з частак Слонімскага гарнізона — 20-гадовы радавы скончыў жыццё самагубствам. Яму заставалася адслужыць каля паўгода. У Мінабароны тады таксама падкрэслілі, што, паводле папярэдніх даных, на такі крок ваеннаслужачы пайшоў у сувязі з „асабістымі абставінамі” — смерць не звязана з праходжаннем ваеннай службы.
