Слабыя начныя замаразкі чакаюцца ў Беларусі на гэтым тыдні



Слабыя начныя замаразкі чакаюцца ў Беларусі на гэтым тыдні, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

„У наступныя суткі тэрыторыя Беларусі апынецца пад уплывам атмасфернага фронту, дажджоў будзе няшмат, яны будуць мець лакальны характар, але за фронтам пачне паступаць больш халаднаватае паветра з поўначы Еўропы, і гарачыня спадзе”, – расказалі сіноптыкі.

У аўторак, 5 чэрвеня, у асобных раёнах рэспублікі пройдуць кароткачасовыя навальнічныя дажджы, якія будуць суправаджацца парывістым ветрам. Тэмпература паветра ноччу складзе 6-12 градусаў цяпла, днём – плюс 14-19. У паўднёвых раёнах краіны будзе ўначы 13-17 градусаў цяпла, удзень – 20-22 са знакам плюс.

У сераду, 6 чэрвеня, ноччу па поўначы рэспублікі, днём месцамі па паўночна-ўсходняй частцы краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы складзе 2-8 градусаў цяпла, у асобных раёнах на тарфяніках Брэсцкай вобласці магчымы слабыя замаразкі да нуля – мінус 2. Тэмпература паветра ўдзень складзе 14-19 вышэй за нуль, па паўднёвым захадзе краіны паветра прагрэецца да плюс 20-22.

У чацвер, 7 чэрвеня, умовы надвор’я будзе вызначаць антыцыклон, будзе пераважна без ападкаў. Ноччу чакаецца ад 2 да 8 градусаў цяпла, у асобных раёнах на тарфяніках Палесся магчымы слабыя замаразкі да нуля – мінус 2. Днём будзе 17-24 градусы вышэй за нуль.

У пятніцу, 8 чэрвеня, пераважна без ападкаў, толькі па паўночным усходзе краіны месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы складзе 5-12 градусаў цяпла. Удзень – ад плюс 19 па паўночным усходзе да плюс 26 па паўднёвым захадзе краіны.

belta.by

Фота 31tv.ru

[manual_related_posts]