Следчы камітэт абвяргае інфармацыю пра загінулага падчас пратэстаў



Інфармацыя пра нібыта загінулага падчас пратэстаў, якія адбыліся напярэдадні ў Менску, не адпавядае рэчаіснасці. Пра гэта заявіла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.

Адказваючы на пытанне, ці будзе СК праводзіць праверку па паведамленнях аб гібелі аднаго з пратэстоўцаў, Ганчарова сказала: „Інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Ніхто не загінуў”.

Пра гібель аднаго з удзельнікаў масавых пратэстаў, якія адбыліся напярэдадні ў Мінску, раней паведаміў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч. „Там як мінімум тры чалавекі сур’ёзна пацярпелі, адзін з іх атрымаў сур’ёзную чэрапна-мазгавую траўму і памёр да прыезду медыкаў”, — сказаў ён.

Паводле слоў Стэфановіча, праваабаронцы працягваюць збіраць звесткі пра затрыманых і пацярпелых удзельнікаў акцый пратэсту па ўсёй Беларусі.

Атрымаць каментар у прадстаўнікоў МУС БелаПАН пакуль не ўдалося.

Вечарам 9 жніўня ў Менску і іншых гарадах прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Сілавікі прымянялі святлошумавыя гранаты, гумовыя кулі і вадамёт.

Кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч раніцай 10 жніўня паведаміў аб распачынанні спраў па розных частках арт. 293 КК „па фактах масавых беспарадкаў і гвалту ў дачыненні да міліцыі”, якія „мелі месца на тэрыторыі горада Менска і шэрагу іншых рэгіёнаў краіны сёння ноччу”. „Адказнасць за гэтыя дзеянні адпаведна — да 8 і 15 гадоў пазбаўлення волі”, — сказаў старшыня СК.