Следчы камітэт Мінскай вобласці распачаў 770 крымінальных спраў у сувязі з пратэстамі



Са жніўня мінулага года ў сувязі з пратэстамі ў Мінскай вобласці распачата 770 крымінальных спраў, паведаміў начальнік абласнога ўпраўлення Следчага камітэта Андрэй Ліс у інтэрв’ю газеце „Мінская праўда”.

„Мы сутыкнуліся не столькі з праявай пратэстнай актыўнасці, колькі з банальным шкодніцтвам і крымінальшчынай. З жніўня 2020-га ў вобласці распачата 770 спраў, звязаных з выражэннем нібыта сваёй палітычнай пазіцыі. Аднак амаль 300 з іх — па факце апаганення збудаванняў, псавання маёмасці. Як гэта можна суаднесці з праявай палітычных поглядаў, калі людзі пад покрывам ночы псуюць прыпынкі ў тых населеных пунктах, дзе жывуць?” — заявіў Ліс.

На другім месцы, паводле яго слоў, крымінальныя справы аб абразе прадстаўнікоў улады або пагрозе гвалту ў дачыненні да іх. „У асноўным гэтым займаюцца так званыя канапавыя пратэстуны. Яны ананімна рассылалі абразлівыя каментары на адрас зусім незнаёмых людзей. Распачатая 161 такая справа. Больш як у палове выпадкаў ужо ўстаноўленыя асобы, якія іх здзейснілі. Асноўная маса згаданых крымінальных спраў перададзеная пракурору для накіравання ў суд”, — сказаў начальнік УСК.

Паводле яго сцвярджэння, „у следчых, іншых праваахоўнікаў дастаткова рэсурсаў, каб дакладна адрэагаваць на праявы экстрэмізму”.

У канцы жніўня 2021 года СК паведаміў пра адмову ў распачынанні крымінальнай справы па заявах аб гвалце ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.