Следчы камітэт просіць правяраць нумары купюр наміналам 20 рублёў



Следчы камітэт просіць грамадзян правяраць нумары купюр наміналам 20 рублёў у сувязі з затрыманнем фальшываманетчыкаў.

Як паведамлялася раней, Фрунзенскім (горада Менска) раённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа ў дачыненні да двух мужчын, якія падазраюцца ў вырабе і збыце падробленых беларускіх рублёў. Падставай для ўзбуджэння справы паслужылі матэрыялы праверкі, праведзенай супрацоўнікамі УБЭП ГУУС Менгарвыканкама.

Устаноўлена, што падазраваныя, 1991 і 1989 гадоў нараджэння, са студзеня па люты 2017 года вырабілі з мэтай збыту каля 200 адзінак падробных грашовых знакаў наміналам 20 беларускіх рублёў узору 2009 года з серыйным нумарам „СК 8387976”.

Падробленыя купюры збываліся ў арганізацыях гандлю, маршрутных таксі, кіёсках КУП „Мінсктранс” і іншых арганізацыях з мэтай размену, шляхам набыцця недарагіх тавараў.

Падазраваныя затрыманыя.

Падчас папярэдняга расследавання следчымі сумесна з супрацоўнікамі міліцыі частка падробленых грашовых знакаў канфіскавана.

Следства мяркуе, што ў грамадзянскім абароце могуць яшчэ знаходзіцца падробленыя купюры наміналам 20 рублёў узору 2009 года з серыйным нумарам „СК 8387976”.

У сувязі з гэтым следства звяртаецца да грамадзян з просьбай зверыць нумары грашовых знакаў, якія знаходзяцца ў карыстанні. У выпадку супадзення серыйнага нумара неабходна звярнуцца па тэлефонах: 8 (017) 252-02-02, 8 (017) 256-14-34.

БелаПАН