Следчы камітэт цікавіцца Дзянісам Івашыным



Прадстаўнікі Следчага камітэта па Гарадзенскай вобласці на мінулым тыдні апыталі суседзяў журналіста Дзяніса Івашына.

Журналіст лічыць гэтыя апытанні пагрозай яго прафесійнай дзейнасці.

– Паводле інфармацыі, якую я атрымаў ад сваіх суседзяў, да іх прыходзілі прадстаўнікі Следчага камітэту і збіралі інфармацыю датычную маёй асобы. Гэта перадусім пэўныя сведчанні што да маёй характарыстыкі, таксама наконт месца маёй працы і наконт аўтатранспартных сродкаў, якія ў маёй уласнасці. Гэта ўся інфармацыя іх цікавіла. Лічу, што гэтыя дзеянні звязаныя непасрэдна з пэўным ціскам у дачыненні маёй асобы.

На думку журналіста, Следчы камітэт паводзіць сябе даволі дзіўна – маглі б зайсці да яго наўпрост.

– Я сам на каранціне. Ніхто да мяне не прыходзіў, не званіў у дзверы. Не было ніякіх тэлефанаванняў. То-бок гэтую інфармацыя я атрымаў ад сваіх суседзяў. Якія непасрэдна прыйшлі да мяне распавесці гэтую інфармацыю.

Папярэдні ціск на Дзяніса Івашына і яго працу аказваўся з боку прарасейскіх выданняў, дзе працу журналіста паказвалі як “агента Украіны”, і нібыта Івашын “працуе на Службу Бяспекі Украіны”.

Беларускае Радыё Рацыя