Следчы камітэт заявіў, што загінулы Дзмітры Усхопаў меў у крыві шмат алкаголю і наркатычнае рэчыва
Следчы камітэт паведаміў, што канцэнтрацыя этылавага спірту ў крыві Дзмітрыя Усхопава, які памёр у навагоднюю ноч у шпіталі ў Рэчыцы, склала 4,3 праміле. Такая канцэнтрацыя адпавядае больш чым бутэльцы гарэлкі. Пры Усхопаве, паводле версіі СК, быў знойдзены пакецік з марыхуанай. «Аналагічнае рэчыва» нібыта выяўлена і ў мачы памерлага, а пры аглядзе яго мабільнага тэлефона знойдзена перапіска з інтэрнэт-крамай продажу наркотыкаў. «Устаноўлена, што малады чалавек з’яўляўся фігурантам крымінальнай справы аб прычыненні цялесных пашкоджанняў, неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці», — заявіў СК.
У навагоднюю ноч у рэчыцкім шпіталі канстатавалі смерць 27-гадовага Дзмітрыя Усхопава. Сваякі расказалі журналістам, што Дзмітрыя затрымала міліцыя і пабіла. Следчы камітэт распаўсюдзіў заяву, што «смерць не носіць траўматычнага характару».
