Следчы камітэт „згубіў” Паўла Севярынца



Мінулым вечарам да бацькоў палітыка — па месцы ягонай прапіскі прыйшла прадстаўніца Віцебскага следчага камітэта.

Яна заявіла, што мае даручэнне апытаць Паўла Севярынца пра акалічнасці крымінальнай справы, якую расследуюць у Ганцавічах, – за абразу супрацоўніка ДАІ. Абраза была віртуальнай – у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” , патлумачыў бацька палітыка Канстанцін Севярынец:

– Ёсць запыт сюды, у Следчы камітэт, дапытаць Паўла Севярынца, ягоных бацькоў, суседзяў пра тое , што ў жніўні мінулага году недзе ў ваколіцах Ганцавічаў нехта прынізіў гонар і годнасць “даішніка”. У сябрах у гэтага чалавека ў сацсетках ёсць і Павел Севярынец.

Следчы камітэт не збянтэжыла тая акалічнасць, што ў жніўні мінулага году Павел Севярынец ужо два месяцы як знаходзіўся пад вартай – яго затрымалі яшчэ ў чэрвені. Следчая не ведала і таго, што Павел Севярынец і цяпер за кратамі, і што яго нядаўна асудзілі. Маці палітыка, Таццяна Севярынец, абураецца тым, што настолькі недасведчаныя людзі працуюць у следчым камітэце:

– У іх скончылася логіка! Я была настолькі абураная, што нават спыталася: “Дык як і дзе вы жывеце, з якой шкарлупкі вы вылезлі? Я не магу даць веры, каб людзі, якія працуюць у следчым камітэце, да такой ступені былі не ў курсе падзей у краіне! Я так і сказала: “Хапайце свае дыпломы і бяжыце адтуль, пакуль вы не ўлезлі па вушы і не запэцкаліся чым!”

Што да справаў за абразу супрацоўнікаў міліцыі, то Таццяна Севярынец нагадала следчай, што летась група актывістаў паскардзілася на абразы з боку Аляксандра Лукашэнкі – калі ён зневажаў сваіх апанентаў падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Тады з ЦВК ім адказалі, што ўсё гэта было сказана “на эмоцыях”, і таму не з’яўляецца абразамі. Для іншых грамадзянаў Беларусі прынцып “сказаў на эмоцыях” не дзейнічае.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск