Следчы камітэта пачаў праверку наконт выпраўлення графіці ў Менску
Па гэтай справе былі выкліканы тры асобы для дачы тлумачэнняў. Сярод запрошаных да размовы аказаўся і журналіст БелаПАН Алесь Ярашэвіч, які раней рабіў інтэрв’ю з невядомым мастаком, што “выправіў” графіці.
Аднак следчаму не ўдалося ўзяць тлумачэнні ў журналіста пра асобу мастака, кажа Алесь Ярашэвіч.
– Я прыйшоў да следчага ў кабінет і папрасіў яго патлумачыць, па якой прычыне я знаходжуся ў яго. Ён сказаў, што возьме тлумачэнні і будзе далей размаўляць cа мной. Я запытаўся, ці заведзена крымінальная справа. На што атрымаў адказ – не. Я сказаў, што паводле заканадаўства, маю права не даваць ніякіх тлумачэнняў, бо на дадзены момант па факце змянення графіці праводзіцца толькі праверка.
Графіці “Менск-Масква”, якое сімвалізуе дружбу паміж двума гарадамі, з’явілася ўлетку гэтага года. Аднак пазней яно было выпраўлена невядомым мастаком, які ўплёў у кампазіцыю калючы дрот. Гарадскія ўлады прыгразілі невядомаму мастаку штрафам за псаванне гарадской маёмасці.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота tut.by