Слонімскае згуртаванне дэмакратычных сіл лепшае на Гарадзеншчыне



Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл у нядзелю, 24 снежня, шчыра віталі Віктара Марчыка, які прыехаў з Менску і прывёз дыплом “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” 2017 года, які ўручыла яму Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый (НДА). Падобнай узнагароды слонімцы заслужылі ўпершыню. І заслужылі яны ўзнагароду за сваю актыўную працу на карысць дэмакратыі ў сваім рэгіёне. І за тое, што правялі 19 сакавіка ў Слоніме “Марш недармаедаў”, у якім прынялі ўдзел больш за 300 чалавек.

Атрымліваючы ўзнагароду Віктар Марчык адзначыў, што “для слонімцаў гэта ўзнагарода – вялікі гонар. І, нягледзячы на яе, мы працавалі і будзем працаваць на карысць людзей і дэмакратыі ў сваім рэгіёне. Да нас звяртаюцца па дапамогу дзесяткі людзей, і мы, што можам – дапамагаем. Разам вырашаем розныя людскія праблемы і клопаты. Мы, фактычна, выконваем абавязкі дэпутатаў райсавета і райсаветаў з іншых райцэнтраў, без дэпутацкіх мандатаў. Мы – адкрытыя для ўсіх, і мы заўсёды жадаем працаваць разам з уладай, працаваць на карысць людзей, на карысць нашага народа, бо праблем людскіх з кожным годам прыбаўляецца…”.

З падобным выступленнем Віктар Марчык выступіў і перад сябрамі згуртавання. У гэты дзень слонімцы падвялі вынікі сваёй працы за год, адзначыўшы яе станоўчыя бакі і праблемы. А таксама абмеркавалі шэраг розных надзённых пытанняў, у тым ліку, зацвердзілі план работы на першы квартал 2018 года.

У гэты самы дзень сябры згуртавання змаглі падтрымаць і падпісацца на газету ТБМ “Наша слова”.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім