Слонімскаму вадаводу – 120 гадоў



У пятніцу, 23 кастрычніка, у Слонімскім драматычным тэатры адбылася ўрачыстасць з нагоды 120-годддзя Слонімскага вадавода. Хаця Слонімскі вадавод значна старэйшы і пачынаецца ён з другой паловы XVIII cтагоддзя.

^F697BD46BD6672976707EFAF3F9F17C42A703F33D2859D174D^pimgpsh_fullsize_distr

Урачыстасць з нагоды юбілею Слонімскага вадавода

Са “Спіса старажытных помнікаў Слоніма” за 1838 год, які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гародні, відаць, што вадавод у Слоніме існаваў яшчэ пры гетману Міхалу Казіміру Агінскім. А гэта прыблізна 1775 год, нават крыху пазней, дзесьці з 1775 да 1795 гадоў.

Нагадаем трохі. Сцэна тэатра Агінскага была падзелена напалову: пярэдняя частка прызначалася для акцёраў, а задняя служыла ў разе патрэбы для караблёў – там па сапраўднай вадзе лодкі выплывалі на сцэну. У гэтым разе другая частка сцэны праз сістэму трубаў, якая вяла да самых падмосткаў, запаўнялася вадой з сажалкі. Калі ж вада была непатрэбная, а па ходу дзеі п’есы, напрыклад, мела месца якая-небудзь бітва або маршы войск, то гэтая частка сцэны пакрывалася тоўстымі шчытамі, а з тытульнага яе боку адкрывалася вялізная брама, праз якую ўрывалася кавалерыя…

Пра наяўнасць складаных водных прыстасаванняў сведчыць нехта А.Анджаеўскі, які наведаў Слонім у 1798 годзе і быў зачараваны замкамі і “пышным тэатрам, у якім была сапраўдная сажалка, што несла сапраўдныя караблі і ўяўляла сабой чароўную карціну”. Вядома, што тэатр, акрамя таго, меў шэраг дасціпных тэхнічных прыстасаванняў – такіх, як фантаны з ёмістасцямі для вады, а таксама складанае тэхнічнае прыстасаванне для замены дэкарацый. У тэатры на сцэне знаходзілася мноства людзей, часта і з вялікай выдумкай мяняліся дэкарацыі, і,  нарэшце, тут меўся барочны сцэнічны механізм, які дазваляў паказваць цэлыя эпізоды бітваў на сушы і на моры.

Пасля існавання тэатра на плошчы перад развалінамі былой кухні гетмана Агінскага аказваецца існавалі канавы, запоўненыя вадой, у якіх падавалася праз свінцовыя трубы вада з сажалкі, якая знаходзілася на зямлі дамініканскага манастыра ( з XIX стагоддзя). Свінцовыя трубы, як пішацца ў “Спісе старажытных помнікаў Слоніма” за 1838 год, яшчэ некалькі гадоў назад некаторымі жыхарамі Слоніма сакрэтна па кусках выкопваліся на сваіх агародах.

Прайшоў час і толькі 17 жніўня 1895 года на пасяджэнні Слонімская гарадская дума прыняла пастанову аб зацвярджэнні праекта кантракта на будаўніцтва ў Слоніме вадавода. Кантракт прадугледжваў, што вадавод правядзе купец Гірша Куніца, якому за давалася права на працягу 40 гадоў браць плату па ¼ капейкі за вядро вады. Водаправод вёўся з гор, крынічная вада падавалася праз чыгунныя трубы.

Ёсць і такі факт. “Обзор Гродненской губернии” за 1897 год паведамляе: “Слонім забяспечваецца пітной вадой з крыніц, якія знаходзяцца на значнай вышыні, скуль дзякуючы пракладзеным пад зямлёю трубам, уласным гнапорам вада праходзіць у вялікі вадаём, змантаваны ў гарадскім садзе, з якога вада развозіцца ў бочках”.

Такім чынам, узнікненне вадавода ў Слоніме трэба лічыць альбо з 1775 года альбо з 1895 года. Слонімцы вырашылі ўсё ж дзень нараджэння свайго вадавода лічыць з 1895 года.

^22295439DE59B4C301FEF176CD662EC15BC00D5B22C5843347^pimgpsh_fullsize_distr

Кавалак драўлянага вадавода 18 стагоддзя захоўваецца ў Слонімскім раённым краязнаўчым музеі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім